December 7th, 2019

Минск, анархия, анархизм, Беларусь

Незалежная Беларусь і анархісты

https://pramen.io/wp-content/uploads/2019/12/3CEAFA19-6F68-4066-9271-91489CD5D42D_w1023_r0_s.jpg
https://pramen.io/ru/2019/12/nezalezhnaya-belarus-i-anarhisty/


Сёння на Плошчы Незалежнасці ў Мінску сабралося блізу 1000 чалавек. Такую колькасць пратэстоўцаў Мінск бачыў хіба два гады таму - падчас "дармаедскіх" пратэстаў.

Прадстаўнікі апазіцыі і проста палітычна актыўныя грамадзяне выказвалі сваё абурэнне з нагоды меркаванага паглынання Беларусі Расіей а таксама тым, што пагадненні аб г.зв. "інтэграцыі" падпісваюцца Лукашэнкам і Пуціным фактычна ў сакрэтным рэжыме, за спінамі ў народу. Мітынг быў даволі жывы: арганізатары не давалі удзельнікам замёрзнуць і вадзілі іх па цэнтры гораду. На прыступках Палацу незалежнасці адбылася сапраўдная бойка з АМАПам, які спрабваў не даць людзям узабрацца наверх. У выніку, прыступкі ўсё ж "адваявалі".





Цікава, аднак, што нават апазіцыйныя лідары, якія заклікалі да акцыі, не былі прэвентыўна адпраўленыя на суткі. Затрыманых, нягледзячы на несанкцыянаванасць акцыі, сёння не было ўвогуле - усе спакойна разышліся па дамах. Гэта выглядае рэзкім кантрастам з звычайнымі акцыямі, якія адбываюцца на Кастрычніцкай: ад акцыі 25 сакавіка 2017-га да акцыі "Свабоду палітвязням" у кастрычніку гэтага году, калі ў абодвух выпадках былі затрыманні. Відавочна, Лукашэнке была патрэбная карцінка беларусаў-прыхільнікаў незалежнасці ў якасці козыру для перамоваў з Пуціным.





Трэба прызнаць, што для анархістаў тэма незалежнасці Беларусі сёння не ў прыярытеце. Прычына простая: для анархісцкага дыскурсу і ідэалогіі гэта тэма нязручная, некамфортная. Бо сама сітуацыя вымагае ад нас займання аднога з двух бакоў. Альбо быць "за Пуціна", альбо "за незалежную Беларусь". Мы – прыхільнкі антыімперыялізму, свабоды самавызначэння ўсіх народаў, ліквідацыі любога дамінавання адной нацыі над іншай. І таму, вядома, мы ніяк не можам стаць на бок фашысцкага рускага міру. У той жа час пачаць актыўна выступаць за супраць аб'яднання і за незалежнасць Беларусі азначае, быццам бы, падтрымаць правы і нацыяналістычны дыскурс. Бо мы супраць любой дзяржавы, у тым ліку беларускай. Ідэалагічныя абмежаванні, тым самым, не даюць анархістам выразна выразіць сваю падтрымку апазіцыі ў гэтым пытанні. Анархістам уласціва нежаданне "зашкварыцца" падтрымкай тэмаў, якія маюць рэпутацыю "нацыяналістычных". Але пры гэтым відавочна, што ніхто з беларускіханархістаў не хацеў бы жыць у складзе Расіі - бо ў плане рэпрэсіўнасці і папрання правоў чалавека РФ ужо даўно абагнала Беларусь.





Тым не менш анархісты ніяк не арыткулююць сваё меркаванне па гэтым пытанні. Выключэннем з'яўляецца, хіба, відэазварот блогера Міколы Дзядка.









Дык можа гэта і добра, што анархісты ніяк не вызначалі свой удзел у сённяшнім пратэсце? І сапраўды, чорны блок анарха-камуністаў дзіўна выглядаў бы на мітынгу у абарону дзяржаўнасці.





На мой погляд, няўдзел анархістаў у гэтай пратэстнай акцыі і адсутнасць больш-менш кансалідаванай пазіцыі, паказваюць у значнай ступені тэарэтычную слабасць анархісцкага руху ў Беларусі і ягоную няздольнасць адказваць на сучасныя палітычныя выклікі. Мы добра адчуваем сябе ў тэмах, дзе маем адназначныя адказы: гэта паліцэйскае бязмежжа, дзяржаўнае рабаванне (узгадайце як добра праявілі сябе анархісты падчас "дармаедскіх" пратэстаў), барацьба з расізмам, сексізмам, гамафобіяй. Аднак варта нам патрапіць у нязручнае для нас поле, мы пачынаем шукаць адказы на пытанні у сваіх ідэалагічных скарбонках і… не знайшоўшы іх, спрабуем прымяніць звычныя універсальныя лозунгі: "Ніякай вайны акрамя класавай!", "Усе дзяржавы – канцлагеры!", "Не хочам абіраць, які з гаспадароў лепшы!" і гэтак далей. Альбо пачынаем змяншаць важнасць дадзенай тэмы для краіны і грамадства. Ужо даводзілася чуць некалькі выказванняў аб тым што "тэма перабольшаная", "не так гэта і важна" і гэтак далей.





Аднак калі мы хочам заявіць пра сябе як сур'ёзная, і, галоўнае, самадастатковая палітычная сіла, мы мусім мець выразныя і зразумелыя адказы на ўсе палітычныя выклікі сучаснасці. Не спрабаваць прымяніць лозунгі Францыі 19-га стагоддзя на Беларусь 21-га, не закрываць вочы на некамфортныя тэмы, а менавіта выпрацоўваць адэкватную палітычную тактыку для бягучага моманту. Мець свой адказ на любы палітычны выклік. Выпрацоўваць яго ў жывой дыскусіі, замест спробаў дастаць гатовы адказ недзе ў кнізе Крапоткіна.





Нават калі ў нас няма сіл ці магчымасці кожны раз рэалізоўваць гэтую тактыку на вуліцах, мы мусім агучваць яе хаця б на нашых рэсурсах. Пакуль мы не навучыліся гэтага рабіць, аб масавасці анархічнага руху ў Беларусі няма чаго і марыць.





Добры Вужака для pramen.io